ГРО́ДЗЕНСКІ СТАРЫ́ ЗА́МАК,

комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў 11—19 ст. Узнік як умацаваны дзядзінец на высокім берагавым мысе каля ўпадзення р. Гараднічанка ў Нёман, на месцы паселішча 11 ст. У пач. 12 ст. стаў княжацкай рэзідэнцыяй Гродзенскага княства. Тут былі ўзведзены Гродзенскі княжацкі церам, Гродзенская Ніжняя царква, Гродзенская Верхняя царква, інш. жылыя і гасп. пабудовы. У выніку шматлікіх аблог крыжакамі (1284, 1296, 1306, 1311, 1312, 1328, 1361, 1363, 1373, 1375, 1377, 1390, 1393 і 1402) Гродзенскі Стары замак часткова разбураўся, але быў адноўлены. У 1580 княжацкі церам перабудаваны для караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замкавыя ўмацаванні прыйшлі ў заняпад. У замку размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Да нашага часу зберагліся рэшткі муроў абарончых умацаванняў. Традыцыйна комплекс збудаванняў на Замкавай гары захаваў назву Стары замак. Уваходзіць у склад Гродзенскага гісторыка-археалагічнага запаведніка.

Літ.:

Трусаў А.А., Собаль В.Е., Здановіч Н.І. Стары замак у Гродне XI—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс. Мн., 1993.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)